У канцы верасня гаспадары кватэр у Мінску паведамлялі пра тое, што попыт узляцеў, а цэны на арэнду жылля выраслі. Праз месяц «Люстэрка» паглядзела, як ідуць справы на рынку арэнды нерухомасці. Ці можна зняць кватэры на доўгі тэрмін, у якім яны стане і колькі каштуюць? Удакладнім адразу: кватэр для доўгатэрміновай арэнды ў сталіцы дастаткова, напрыклад, 25 кастрычніка на сайце Kufar.by прапановаў было больш за 2700.
Мінімальны кошт арэнды аднапакаёўкі, які нам удалося знайсці, — 160 рублёў за месяц (але яна з нюансамі, пра якія мы напішам ніжэй). За арэнду большасці кватэр просяць каля 600−700 рублёў.
На вуліцы Кальцова за 160 рублёў (трэба ўнесці плату за два месяцы) здаецца аднапакаёвая кватэра на 32 «квадраты». Жыллё хоць і сціплае, але акуратнае. Ёсць мэбля і бытавая тэхніка: пральная машына, лядоўня, мікрахвалёўка. На кухні ёсць посуд.
Гаспадар гатовы пусціць у аднапакаёўку кватарантаў з жывёламі. Аднак ёсць адзін нюанс: жыллё здадуць адзінокай жанчыне 40−50 гадоў, якая будзе дапамагаць па гаспадарцы пенсіянеру, што жыве непадалёк.
Жыллё без дадатковых даручэнняў каштуе даражэй. Напрыклад, праз агенцтва на працяглы тэрмін здаецца аднапакаёўка на праспекце Пушкіна, да метро адсюль тры прыпынкі. Месяц арэнды абыдзецца амаль у 410 рублёў, але яшчэ давядзецца заплаціць камісію пасярэдніку. У кватэры ёсць канапа, ложак, шафы, лядоўня, пральная машынка.
Жыллё ў лепшым стане абыдзецца даражэй. Напрыклад, арэнда кватэры на вуліцы Платонава каштуе за месяц амаль 620 рублёў (патрабуюць перадаплату за два месяцы). Ад дома да метро можна дайсці пешшу хвілін за 15. Кватэра з мэбляй, бытавой тэхнікай.
Але ёсць варыянты і вельмі дарагіх аднапакаёвак. Напрыклад, за амаль 2000 рублёў за месяц ёсць кватэра недалёка ад метро на вуліцы Макаёнка. Гэта добра адрамантаваная студыя з жылой плошчай 37 м², тут ёсць мэбля і бытавая тэхніка.
Арэнда двухпакаёвых кватэр каштуе ад 570 да больш чым 5000 рублёў. Таннейшае жыллё мы знайшлі на вуліцы Захарава. Месяц арэнды гэтай кватэры — трохі больш за 570 рублёў. У кватэры ёсць мэбля і бытавая тэхніка. Гаспадар адзначыў, што камунальныя плацяжы невялікія.
За амаль 870 рублёў здаецца кватэра на вуліцы Грушаўскай. Яе жылая плошча — каля 30 «квадратаў», ёсць лоджыя. Кватэра з мэбляй і тэхнікай.
А вось самы дарагі варыянт — двухпакаёвая кватэра, размешчаная на двух узроўнях, знаходзіцца ў клубным доме на вуліцы Дзмітрава, яе здаюць за 5212 рублей за месяц. Жылая плошча кватэры — 83 м², кухня — больш за 35 «квадратаў», ёсць два санвузлы. Жыллё забяспечанае сістэмай «Разумны дом», у ёй сістэма антыпрацечак, тры праграмы асвятлення ў залежнасці ад настрою і іншае. Зроблены дарагі рамонт, стаіць эксклюзіўная мэбля.
Арэнда трохпакаёвых кватэр пачынаецца ад 670 рублёў. За такія грошы мы знайшлі трохпакаёўку на вуліцы Чарвякова. Гаспадар лічыць, што жыллё прыдатнае для пражывання — ёсць мэбля і бытавая тэхніка.
За 990 рублёў можна зняць жыллё на вуліцы Асіпенкі. Уласнік просіць унесці перадаплату за два месяцы і хоча, каб у кватэры пражывалі адзін-два чалавекі. Паведамляецца, што ў доме толькі што прайшоў рамонт, пасля яго ў кватэры ніхто не жыў. Тут ёсць мэбля, тэхніка і нават камплект ручнікоў.
Самая дарагая арэндная трохпакаёўка знаходзіцца на вуліцы Старажоўскай, месяц у ёй абыдзецца амаль у 5700 рублёў. Тут ёсць два санвузлы, жыллё абсталяванае джакузі і душавой кабінай. Ёсць мэбля, тэхніка, посуд.
Распечатано с портала ZERKALO.IO