Чарговы польскі памежнік быў паранены на мяжы з Беларуссю, а група мігрантаў спрабавала прарвацца ў Польшчу, паведамілі ў Памежнай службе краіны.
Інцыдэнт адбыўся раніцай у панядзелак, 3 чэрвеня, на ўчастку беларуска-польскай мяжы ў раёне Белавежы. Паводле ведамства, «група агрэсіўна настроеных людзей» ударыла польскага памежніка галінай па галаве, ён атрымаў траўму.
Супрацоўнік польскай Памежнай службы знаходзіцца ў бальніцы, яго жыццю нішто не пагражае.
Як удакладніла RMF прадстаўніца ведамства Катажына Здановіч, усё адбылося каля 4 раніцы ў панядзелак. Група прыкладна з дзесяці мігрантаў закідвала польскі патруль камянямі і тоўстымі галінамі, некаторыя замежнікі распылілі газ з балончыка. Галіна трапіла аднаму з памежнікаў у галаву, ён атрымаў траўму ў вобласці вока.
Паводле выдання Dziennik Gazeta Prawna, пацярпелы вайсковец у цяжкім стане, у яго пералом асновы чэрапа і пашкоджанне вачніцы. Ёсць рызыка, што яго вока не ўдасца выратаваць.
Нагадаем, у канцы траўня на польска-беларускай мяжы адбылося адразу тры інцыдэнты з нападам на супрацоўнікаў Памежнай службы Польшчы: двух ударылі нажом, яшчэ аднаго — разбітай бутэлькай. Пасля гэтага Варшава вырашыла вярнуць на мяжы з Беларуссю 200-метровую буферную зону, куды забаронена заходзіць староннім. Такая зона ўжо дзейнічала ў пачатку міграцыйнага крызісу на мяжы ў 2021−2022 гадах.
Таксама напярэдадні міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі паведаміў, што адкрыццё пераходу ў Баброўніках на польска-беларускай мяжы, магчымасць якога дапускаў прэм’ер Дональд Туск, пакуль не плануецца.
«Цяпер у Беларусі адбываюцца самыя вялікія рэпрэсіі ў гісторыі гэтага рэжыму. Мне б таксама хацелася, каб нашыя прадпрымальнікі маглі весці нармальны бізнес. Але гэта Лукашэнка і Пуцін вядуць гібрыдную вайну з Еўропай, а не наадварот», — заявіў кіраўнік МЗС Польшчы.
На рашэнне польскага боку з 10 лютага 2023 года польскі пункт пропуску «Баброўнікі» афіцыйна прыпыніў афармленне транспартных сродкаў і асоб, якія ідуць праз мяжу, на няпэўны час «у інтарэсах дзяржаўнай бяспекі».
Распечатано с портала ZERKALO.IO